23 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Ключавая задача для органаў улады ў тым, каб бягучыя складанасці, выкліканыя рознымі абставінамі, не пераносіліся на людзей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нельга выпусціць з-пад увагі важнейшыя пытанні, ад якіх залежыць звычайнае, штодзённае жыццё людзей. "Выбарчая кампанія пройдзе, градус палітычных працэсаў знізіцца, і эканоміка апынецца ў цэнтры грамадскай увагі. Яна і цяпер нікуды не знікае. Таму сёння я запрасіў эканамічны блок кіраўніцтва цэнтральных і мясцовых органаў улады, каб разгледзець работу галін рэальнага сектара і паслуг, фінансаў, сацыяльнай сферы, якая павінна быць пад пільным нашым кантролем. Ні адно пытанне, вінцік у гэтай машыне не павінен дапусціць збою, - падкрэсліў беларускі лідар. - У пачатку года, у час выпрабавання нас "нафтавай пандэміяй", нам гэта ўдалося. Потым была вірусная, "інфармацыйная". Цяпер пачалася палітычная пандэмія".
"Але наўрад ці гэта для каго-небудзь нечаканасць. На лёгкі час мы ніколі не разлічвалі. Разлічваць на яго нельга і ў далейшым. Аднак ключавая задача для ўсіх нас у іншым. Любой цаной мы павінны не дапусціць, каб гэтыя складанасці пераносіліся на нашых людзей і каб іх нават адчувалі людзі. Ніякія складанасці іх закранаць не павінны, з якімі мы павінны разбірацца тут", - заявіў кіраўнік дзяржавы.