12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Нармандская чацвёрка" вядзе перагаворы ў Мінску ўжо амаль 13 гадзін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Спачатку прэзідэнты Расіі Уладзімір Пуцін, Украіны Пётр Парашэнка, Францыі Франсуа Аланд і канцлер ФРГ Ангела Меркель сустракаліся ў вузкім складзе. Пасля амаль дзвюх гадзін перагавораў лідары краін "нармандскай чацвёркі" выйшлі на сумеснае фатаграфаванне, у якім прыняў удзел і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пасля адбыліся перагаворы ў пашыраным складзе, якія доўжыліся амаль паўтары гадзіны. Потым кіраўнікі дзяржаў прадоўжылі сустрэчу ва ўсечаным фармаце.
На перагаворах "нармандскай чацвёркі" працуюць больш як 500 журналістаў. У прыватнасці, для асвятлення сустрэчы акрэдытаваны прадстаўнікі вядучых сусветных СМІ з Расіі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Кітая, Кубы. Мерапрыемства таксама асвятляюць журналісты з Украіны, Японіі, Чэхіі, Польшчы, Катара, Нідэрландаў, Іспаніі, Грузіі, Нарвегіі, Швейцарыі, Італіі.
Паралельна ў Мінску пры пасрэдніцтве Расіі і АБСЕ праходзяць перагаворы прадстаўнікоў бакоў украінскага канфлікту ў фармаце кантактнай групы.
Па выніках перагавораў "нармандскай чацвёркі" і кантактнай групы па Украіне можа быць прыняты ўзгоднены дакумент.