26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мемарыяльная дошка ў памяць аб ахвярах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС адкрыта сёння ў Мінску ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адкрыццё мемарыяльнай дошкі - гэта даніна памяці героям і ахвярам страшнай чарнобыльскай трагедыі, - адзначыла намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава. - Дзяржава робіць і будзе рабіць усё магчымае для адраджэння рэгіёнаў рэспублікі, што пацярпелі ад наступстваў аварыі на ЧАЭС, і для людзей, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях. Ідзе аднаўленне сельскай гаспадаркі, будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў, укараненне новых тэхналогій".
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі лічыць, што гадавіна аварыі на ЧАЭС служыць папярэджаннем для сучаснага і будучых пакаленняў. "Мы сёння з удзячнасцю ўспамінаем загінуўшых ліквідатараў. І жадаем ветэранам-ліквідатарам дапамогі Божай у іх працы, каб яны доўгія гады жылі з добрым здароўем і вучылі моладзь любіць і цаніць сваё жыццё, сваю Айчыну".
Паводле слоў старшыні ГА "Мінскі фонд "26 красавіка" Міхаіла Образава, у Беларусі прымаюцца маштабныя меры для мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка ўручыў 25 ліквідатарам і прадстаўнікам грамадскіх аб'яднанняў граматы Мінгарвыканкама, Мінгарсавета і Камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама.
Таксама сёння ў сталічным парку Дружбы народаў адбылася цырымонія ўскладання кветак да памятных знакаў "Ахвярам Чарнобыля" і "Камень міру Хірасімы". У мерапрыемстве прынялі ўдзел амаль 4 тыс. чалавек: кіраўнікі дзяржорганаў, ліквідатары наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў.