20 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў задуму сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вучэнне плануецца правесці ў верасні 2017 года. Яно стане завяршальным этапам сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі ў бягучым вучэбным годзе. Па рашэнні кіраўнікоў дзяржаў такія вучэнні праводзяцца раз у два гады на тэрыторыі адной з дзяржаў.
Тэмай маючага адбыцца вучэння стане падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.
Мэты мерапрыемства - удасканаленне аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама спалучэнне перспектыўных сістэм кіравання войскамі і зброяй; апрабацыя палажэнняў новых статутных дакументаў, распрацаваных ва ўзброеных сілах Беларусі і Расіі; атрыманне практыкі камандуючымі, камандзірамі і штабамі па планаванні мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі абстаноўкі і кіраванні войскамі (сіламі) у ходзе іх правядзення.
Практычныя дзеянні органаў ваеннага кіравання і войскаў пройдуць на палігонах Беларусі і Расіі.
Вучэнне пройдзе ў два этапы. Акрамя адпрацоўкі пытанняў прымянення груповак войскаў будуць практычна выконвацца задачы тэрытарыяльнай абароны, узмацнення аховы дзяржаўнай граніцы, аднаўлення баяздольнасці войскаў і ўсебаковага забеспячэння.