31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. Кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны ўказ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Мэтай праграмы з'яўляецца забеспячэнне якаснага росту і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі з канцэнтрацыяй рэсурсаў на фарміраванні яе высокатэхналагічных сектараў, якія базіруюцца на вытворчасцях V і VI тэхналагічных укладаў.
У праграму ўключаны 75 праектаў па стварэнні новых вытворчасцей, якія маюць вызначальнае значэнне для інавацыйнага развіцця Беларусі, у сферах машынабудавання, электронікі, будаўніцтва, нафтахіміі, медыцыны і фармацыі, энергетыкі, транспарту, сельскай гаспадаркі.
Рэалізацыя праграмы накіравана на фарміраванне і паскоранае развіццё высокатэхналагічных сектараў нацыянальнай эканомікі, замацаванне пазіцый рэспублікі на рынках навукаёмістай прадукцыі; забеспячэнне канкурэнтаздольнасці традыцыйных сектараў нацыянальнай эканомікі на аснове іх інавацыйнага развіцця і ўкаранення перадавых тэхналогій; фарміраванне рынку навукова-тэхнічнай прадукцыі і спрыяльнага асяроддзя для ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці.
Указам прадугледжана магчымасць штогадовага папаўнення праграмы новымі праектамі па ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы.
У выніку выканання праграмы да 2020 года плануецца стварэнне больш як 70 высокадаходных экспартна арыентаваных вытворчасцей і амаль 9 тыс. новых рабочых месц.