17 лютага, Асіповіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнты Беларусі і Расіі абмяркуюць 18 лютага далейшыя дзеянні сумеснай групоўкі войскаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам пасля азнаямлення з ходам беларуска-расійскага вучэння "Саюзная рашучасць - 2022" на палігоне Асіповіцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Як мы прымем заўтра рашэнне, так і будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што амерыканскае кіраўніцтва камандуе сваімі ваеннаслужачымі за тысячы кіламетраў, таму яму не зусім зразумелы прэтэнзіі аб знаходжанні расійскіх Узброеных Сіл у Беларусі. "Прымем рашэнне - выведзем за суткі. Прымем рашэнне месяц - будуць стаяць месяц. Столькі, колькі трэба, будуць знаходзіцца тут Узброеныя Сілы. Гэта наша зямля, наша тэрыторыя. Мы тут працуем, вучымся і будзем далей вучыцца", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту таксама было зададзена пытанне, ці трэба пакінуць частку расійскіх ваеннаслужачых, якія прымаюць удзел у вучэнні, на больш працяглы тэрмін пасля іх заканчэння. "Калі будзе сэнс патрымаць тут расійскія войскі, мы іх будзем трымаць столькі, колькі трэба. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта наша тэрыторыя і мы будзем прымаць рашэнне. Паралельна амерыканцы ў Польшчу перакідваюць тысячы сваіх ваеннаслужачых, за тысячы кіламетраў (ад ЗША. - Заўвага БЕЛТА). Яны дазволу ў каго пытаюцца - у нас, у расіян? Не. Чаму мы ў некага павінны пытацца? Колькі трэба, столькі і будуць тут стаяць войскі Беларусі і Расіі. Колькі нам трэба для таго, каб абараніць нашу тэрыторыю і паказаць усім, што мы да гэтай абароны гатовы", - заявіў кіраўнік дзяржавы.