15 снежня, Масква /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Эканамічныя выклікі не павінны раз'ядноўваць краіны Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС. Аб гэтым заявіў сёння журналістам у Маскве Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Значная ўвага на перагаворах была ўдзелена развіццю інтэграцыйных адносін. "Эканамічныя выклікі, з якімі мы сутыкаемся ў цяперашні няпросты час, не павінны весці да раз'яднанасці дзяржаў - удзельніц дагавораў аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і аб Еўразійскім эканамічным саюзе", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін задаволены характарам і вынікамі ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі на міжнароднай арэне. Адносіны міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін маглі б служыць прыкладам для супрацоўніцтва іншых ведамстваў, адзначыў у сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі.
Не засталося ніводнага пытання, якое мела б патрэбу ў паглыбленай прапрацоўцы, сказаў Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі перагавораў. Паводле яго слоў, ёсць некалькі пытанняў, якія на працягу тыдня будуць дапрацаваны, і ўрады прымуць па іх рашэнні.