29 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб пачатку новага этапу супрацоўніцтва з Казахстанам з упорам на інавацыі і высокія тэхналогіі. Аб гэтым ён заявіў сёння па выніках афіцыйных перагавораў з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Асабліва прыемна адзначыць, што гэты візіт даў старт новаму этапу двухбаковага супрацоўніцтва, адметнай рысай якога стане ўзаемапранікненне капіталаў з упорам на інавацыі і высокія тэхналогіі. Гэта асаблівасць нашай сённяшняй сустрэчы. Найвышэйшыя тэхналогіі - заўтрашні дзень. А мы з Казахстанам гатовы працаваць на гэты дзень, мы накіраваны ў будучыню", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва ў галіне ІТ-тэхналогій. "Беларусь ужо вырабляе значны аб'ём праграмнага забеспячэння для многіх краін і гатова да кааперацыі і абмену вопытам з казахстанскімі братамі. Яшчэ раз пацвярджаю: мы нічога ад вас утойваць не будзем. Усё, што мы ўмеем рабіць у гэтым плане, - калі ласка, мы прадаставім поўную інфармацыю, усё гэта пакажам вам", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што існуючая сур'ёзная база выніковых двухбаковых адносін дае магчымасць перайсці на новы тэхналагічны ўзровень, аб чым бакі сёння і дамовіліся. "У полі нашага інтарэсу - прапановы па перспектыўных праектах у самых розных галінах: нафтахіміі, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, транспарце, лагістыцы і новых тэхналогіях", - расказаў Прэзідэнт.