6 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за выпрацоўку прымальных для ўсіх прынцыпаў супрацоўніцтва ў Еўропе. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт нагадаў, што ў ходзе 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ беларускі бок прапанаваў пачаць дыскусію аб запуску перагаворнага працэсу, накіраванага на пераадоленне існуючых супярэчнасцей і фарміраванне новых канструктыўных адносін у рэгіёне АБСЕ. "Трэба выпрацаваць прымальныя для ўсіх прынцыпы супрацоўніцтва ў Еўропе. Важную ролю мог бы адыграць экспертны дыялог з удзелам аналітычных цэнтраў, урадавых і прыватных структур па пытаннях вызначэння агульных мэт, арыентаваных на ўмацаванне даверу паміж краінамі як мінімум у палітычнай і ваеннай сферах", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, добрай магчымасцю для пачатку такой дыскусіі з'яўляецца запланаваная на май 2018 года ў Мінску міжнародная экспертная канферэнцыя "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх".
Таксама ў 2018 годзе ў Беларусі пройдуць антытэрарыстычная канферэнцыя АБСЕ "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху" і сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
Кіраўнік дзяржавы запрасіў усіх партнёраў прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах на самым высокім узроўні.
"Міжнародная абстаноўка сёння літаральна перанасычана напружанасцю. Найбольш небяспечная тэндэнцыя на еўраатлантычнай прасторы - ідзе расхістванне сістэмы проціваг, якая раней стрымлівала дзяржавы і блокі, што сапернічаюць. Знаходзячыся на своеасаблівым геапалітычным разломе, Беларусь усведамляе ўшчэрбнасць раскручвання спіралі канфрантацыі ў Еўрапейскім рэгіёне. Мы фактычна на парозе новай гонкі ўзбраенняў. Эксперты сцвярджаюць, што халодная вайна ўжо ідзе", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што спробы выпрацаваць новую парадыгму светаўладкавання адбываюцца не за сталом перагавораў, а ў гарачых кропках. І бліжэйшая з іх - Данбас. "Шырокамаштабныя баявыя дзеянні дзякуючы мінскім пагадненням там спынены, але людзі, на жаль, прадаўжаюць гінуць. Яшчэ раз пацвярджаю - мы гатовы зрабіць усё, каб на Данбасе быў мір. На прынцыпах захавання ўсіх міжнародна-прававых фармальнасцей і пры згодзе канфліктуючых бакоў", - сказаў Прэзідэнт.