12 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Уручэнне прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльнай прэміі Прэзідэнта "Беларускі спартыўны Алімп" адкрывае Год культуры. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на цырымоніі ўручэння прэмій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава надае вялікае значэнне развіццю такой важнай сферы, як культура, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Галоўная задача - актывізаваць інтэлектуальныя і духоўныя сілы нашага народа, падтрымаць ініцыятыву ў мэтах захавання гістарычнай спадчыны, уздыму на новы ўзровень сучаснага мастацтва і выхавання ў грамадзян любові да сваёй Радзімы".
Як лічыць Прэзідэнт, Беларусь багатая на таленты і творчыя дасягненні, якія з'яўляюцца гордасцю краіны. Яскравым пацвярджэннем гэтага стане шырокае святкаванне юбілеяў выдатных дзеячаў мастацтва: Уладзіміра Мулявіна, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што на высокім узроўні будзе праведзены і маючы адбыцца 25-ы юбілейны фестываль "Славянскі базар у Віцебску", які стаў той сусветнай пляцоўкай, на якой выступаюць прызнаныя майстры і запальваюцца новыя зоркі.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў час Года культуры ўвага будзе ўдзяляцца не толькі розным напрамкам мастацтва, але і духоўнага жыцця грамадзян.