27 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Умовы функцыянавання на рынку ЕАЭС размешчаных у Беларусі свабодных эканамічных зон неабходна зрабіць як мінімум раўнацэннымі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях функцыянавання і развіцця свабодных эканамічных зон, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У бліжэйшы час, пачынаючы з 1 студзеня 2017 года, умовы работы рэзідэнтаў СЭЗ істотна мяняюцца. Прынятыя ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза дакументы адмяняюць некаторыя мытныя льготы. Мы вымушаны ўлічваць гэтыя патрабаванні, - сказаў Прэзідэнт. - Разам з тым у жорсткай барацьбе за інвестара нашы свабодныя эканамічныя зоны не павінны страціць канкурэнтаздольнасць на пляцоўцы Еўразійскага эканамічнага саюза. Умовы іх функцыянавання на рынку ЕАЭС неабходна зрабіць як мінімум раўнацэннымі".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наконт гэтага ўрад падрыхтаваў прапановы ў выглядзе праекта ўказа, накіраванага на павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці СЭЗ і стымуляванне інвестыцыйнай актыўнасці рэзідэнтаў.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важнай крыніцай забеспячэння дынамічнага развіцця эканомікі з'яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для інвестыцыйнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі. "Гэта асноўная задача ўрада", - сказаў Прэзідэнт.
Адным з напрамкаў такой работы з'яўляецца фарміраванне свабодных эканамічных зон. Пры іх стварэнні планавалася, што яны стануць пунктамі прыцягнення інвестыцый у Беларусь, павелічэння экспарту прадукцыі, стварэння новых рабочых месц. "Прытым перспектыўных новых рабочых месц на навукаёмістых вытворчасцях", - дадаў беларускі лідар.
На нараду былі запрошаны як службовыя асобы органаў дзяржкіравання, якія кантралююць вынікі работы свабодных эканамічных зон і адказныя за распрацоўку адпаведнага заканадаўства, так і прадстаўнікі адміністрацый СЭЗ, якія ў поўнай меры адказныя за прыцягненне інвестыцый і стварэнне новых вытворчасцей, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў - рэзідэнтаў СЭЗ.
Аляксандр Лукашэнка паставіў перад удзельнікамі нарады некалькі галоўных пытанняў. Яны заключаюцца ў тым, якія канкрэтныя меры неабходна прыняць, каб кампенсаваць страты рэзідэнтаў СЭЗ і захаваць ім спрыяльныя ўмовы для работы; ці дадуць магчымасць гэтыя меры забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі на традыцыйных рынках збыту.
Прэзідэнт таксама пацікавіўся, ці дастаткова рэалізацыі ўносімых прапаноў для таго, каб не толькі захаваць дзеючыя вытворчасці, але і стымуляваць прыток новых знешніх і ўнутраных інвестыцый.
"Часу на разварушванне няма. Прынцыповыя рашэнні трэба прымаць ужо сёння, каб з 1 студзеня будучага года рэзідэнты свабодных эканамічных зон рытмічна працавалі ў новых эканамічных умовах", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.