26 кастрычніка, Гомель /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны вялікая перспектыва, і практыку правядзення такіх мерапрыемстваў плануецца прадаўжаць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мерапрыемствы першага дня форуму напярэдадні прайшлі добра. "Людзі вельмі задаволены, шмат аб чым дамовіліся, многія заключылі кантракты. Таму ў гэтага мерапрыемства вялікая перспектыва, і мы заўсёды будзем рады бачыць вас у Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, наступны форум пройдзе на тэрыторыі Украіны. "І мы з задавальненнем вялікай дэлегацыяй прыедзем у той горад, які вы вызначыце", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў Пятра Парашэнку ў Гомелі. "Вы, напэўна, адчуваеце, што ён нічым не адрозніваецца ад цудоўных украінскіх гарадоў. Гэта зразумела, паколькі да граніцы тут літаральна рукой падаць. Тут вельмі шмат жыве ўкраінцаў, грамадзян Украіны (асабліва ў апошні час), якія ў сувязі з канфліктам перасяліліся сюды", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прывёў даныя, што ўсяго з Украіны ў Беларусь у гэты перыяд прыехалі прыкладна 150 тыс. чалавек, некаторыя ўжо вяртаюцца назад. "Але галоўнае не ў гэтым. Галоўнае ў тым, што гэты цяжкі перыяд прайшоў. Таму што нам трэба было людзям дапамагчы, працаўладкаваць, і мы з імі абыходзіліся, як са сваімі людзьмі. Таму Гомель - гэта добры, цёплы горад для ўкраінцаў", - дадаў ён.