18 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Тэхналагічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва павінна стаць галоўным рухавіком беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час перагавораў з членам Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, сакратаром палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Мэн Цзяньчжу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нядаўні запуск беларускага спадарожніка з кітайскага касмадрома Січан і стварэнне сучасных абаронных сістэм вывелі на новую, вельмі даверную вышыню наша тэхналагічнае партнёрства. Нараўне з інвестыцыйным яно павінна стаць галоўным рухавіком двухбаковага ўзаемадзеяння", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт не сумняваецца, што другое пасяджэнне беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве будзе выніковым і дасць магчымасць вызначыць канкрэтныя напрамкі далейшага эфектыўнага развіцця беларуска-кітайскіх адносін. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Мэн Цзяньчжу за пільную ўвагу да пытанняў умацавання беларуска-кітайскай дружбы і партнёрства. "Думаю, што на гэтым шляху ў нас усё атрымаецца", - выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.