26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта, які прыбыў у Мінск для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню на тэму еўразійскай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спадар міністр, дазвольце вітаць вас. Мне прыемна з вамі сустракацца. Вы, напэўна, самы медыйны міністр замежных спраў цяпер, асабліва на нашай прасторы. Мы вас часта бачым, шмат чуем. Не толькі вашы выказванні, але і нашага добрага сябра спадара Орбана (прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. - Заўвага БЕЛТА). Чамусьці ў Еўрасаюзе лічаць, што мы, Беларусь, з'яўляемся праціўнікамі Еўрапейскага саюза. Ведаеце, мы людзі не злапамятныя і, нягледзячы на цяперашнюю турбулентнасць у ЕС і санкцыі, якія Еўрасаюз уводзіць супраць нас, вы павінны ведаць, што Прэзідэнт Беларусі з'яўляецца заўзятым прыхільнікам захавання Еўрапейскага саюза", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Не таму, што я вельмі люблю Еўрапейскі саюз, а таму што ЕС разам з ЗША, Кітаем, Расіяй, у нейкай ступені Індыяй з'яўляюцца моцнымі апорамі існавання нашай планеты. Калі гэту апору вырваць з-пад гэтай сістэмы, будзе вельмі дрэнна для ўсіх", - растлумачыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь, з'яўляючыся еўрапейскай дзяржавай, дзе размешчаны і геаграфічны цэнтр Еўропы, выступае за тое, каб Еўрапейскі саюз існаваў.
"Але ў чым нашы, напэўна, супадаюць пазіцыі, - мы вельмі хочам, каб Еўрапейскі саюз быў магутным, моцным, суверэнным і незалежным аб'яднаннем. Мы на гэта нацэлены. І вы гэта павінны ведаць пры ўсіх нюансах у адносінах і нават той палітыцы, якую сёння саюз праводзіць у дачыненні да Беларусі. Мы - прыхільнікі саюза", - заявіў кіраўнік дзяржавы.