09 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спалучаючы прастору і час, міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар" садзейнічае захаванню культурнай самабытнасці розных народаў. Аб гэтым заявіў 9 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў відэапрывітанні гасцям і ўдзельнікам XXIV форуму, паведамляе БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што на "Славянскім базары" цэняць сапраўдныя таленты і кожны год адкрываюць новыя імёны. "За апошнія два дзесяцігоддзі на эстрадным небасхіле з’явілася цэлая плеяда вядомых артыстаў, якія ўпершыню заявілі аб сабе на сцэне нашага Летняга амфітэатра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Дзякуючы цудоўнаму песеннаму форуму наш старажытны Віцебск стаў месцам, дзе "запальваюцца зоркі", дзе маладыя таленты набываюць крылы для творчага палёту, заўважыў кіраўнік дзяржавы. "У бягучы год, аб’яўлены ў нашай краіне Годам моладзі, асабліва важна падтрымаць маладое пакаленне, даць яму магчымасць для самарэалізацыі", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў гасцей і ўдзельнікаў XXIV "Славянского базару" з адкрыццём фестывалю. Кіраўнік дзяржавы пажадаў канкурсантам удачы, усім артыстам – поўных залаў і нязменнай увагі публікі, а гледачам – радасных сустрэч з любімымі выканаўцамі і цудоўнага настрою.