30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў актыў мясцовай вертыкалі для правядзення сустрэчы па актуальных пытаннях грамадска-палітычнай абстаноўкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я лічу, што такія кароткія, але вельмі важныя сустрэчы павінны стаць нашай традыцыяй. Гэта не толькі інфармаванне людзей, якія прыехалі з месцаў, але і пэўны дух, які павінен яднаць вертыкаль улады, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша сустрэча прадыктавана неабходнасцю зверыць гадзіннікі, вызначыць далейшую стратэгію работы ў новых для нас умовах. Перш за ўсё эканамічных".
Паводле слоў Прэзідэнта, калі з пандэміяй, якая паўтара года таму ўвяла ў шок усё насельніцтва Зямлі, у Беларусі ўжо навучыліся жыць, то да чарговай санкцыйнай вакханаліі краіна толькі пачынае прыстасоўвацца. "І на сваім вопыце добра ведаем, што любыя абмежаванні - гэта шанц для раскрыцця ўнутраных рэзерваў. Пэўныя крокі ў гэтым напрамку зроблены", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад: у Беларусі даўно развіваюць імпартазамяшчэнне, але пастаўленых мэт яшчэ не дабіліся. Ва ўмовах, калі ў краіну нельга паставіць тыя ж запчасткі для вытворчасці беларускай тэхнікі, гэта пытанне нумар адзін і шанц зрабіць рывок у гэтым напрамку. "Вось вам шанц - абставіны нас прымушаюць паглыблена займацца імпартазамяшчэннем. І гэта важнейшае пытанне для эканомікі краіны, каб мы былі менш залежныя ад іншых рынкаў і, самае галоўнае, атрымлівалі вялікую дабаўленую вартасць ад таго, што мы вырабляем", - адзначыў Прэзідэнт.
Таксама, паводле яго слоў, актыўна вядуцца перагаворы на пляцоўках ШАС, ЕАЭС у двухбаковых фарматах. "Урад выпрацаваў і ўжо рэалізуе комплекс антысанкцыйных мер", - дадаў кіраўнік дзяржавы.