25 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь лічыць адным з важных вектараў знешняй палітыкі развіццё ўзаемавыгадных сувязей з дзяржавамі Еўрапейскага саюза. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Бельгіяй, наданні двухбаковым сувязям сістэмнасці і паслядоўнасці", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі таксама бачыць магчымасці для нарошчвання ўзаемадзеяння ў розных сферах з Даніяй, перш за ўсё на эканамічным напрамку. "І перашкод для гэтага няма", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што Беларусь і Ірландыя маюць вялікі патэнцыял для пашырэння двухбаковых сувязей. "Актыўныя кантакты ў гуманітарнай сферы і на міжасобасным узроўні, якія ўзніклі дзякуючы шчырай дапамозе Ірландыі ў пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, арганізацыі аздараўлення беларускіх дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў, ствараюць спрыяльны пазітыўны фон для ўзаемадзеяння ў іншых галінах", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.