24 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на пачатак добрага дыялогу адносна лініі Беларусь - ЕС. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на сустрэчы з намеснікам генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгай Марыяй Шмід, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спадзяюся, гэта пачатак нашага добрага дыялогу з Еўрапейскім саюзам, хоць мы апошнім часам нямала гаворым аб адносінах ЕС і Беларусі. Думаю, што гэта рэч патрэбная, гэта рух у правільным напрамку. Прынамсі, адносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам сёння не такія туманныя, як раней", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова да выбудоўвання адносін з ЕС на раўнапраўнай недыскрымінацыйнай аснове.
Прэзідэнт Беларусі таксама даў высокую ацэнку прафесійным якасцям кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майры Моры. "У вас тут добры пасол і, я думаю, аб'ектыўны чалавек, які вам дасць абсалютна аб'ектыўную інфармацыю аб працэсах, што адбываюцца ў Беларусі. Гэта, напэўна, адзін з нямногіх заходніх паслоў, якога грамадства прымае і ўспрымае. Таму я ўдзячны Еўрапейскаму саюзу за такіх людзей, якія, прынамсі, спрабуюць зразумець, чым жыве Беларусь", - адзначыў беларускі лідар.