29 сакавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусы вельмі цёпла ставяцца да братоў-сербаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са спецпрадстаўніком Прэзідэнта Сербіі, намеснікам старшыні ўрада - міністрам унутраных спраў Сербіі Небайшам Стэфанавічам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Няма неабходнасці для якіх-небудзь уводных слоў, таму што ў нас бліскучыя адносіны з вашай краінай, інакш і быць не можа. Мы добра ведаем адзін аднаго - Сербія і Беларусь. Нашы народы вельмі дружныя, у нас складваліся заўсёды вельмі добрыя адносіны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я думаю, вы, знаходзячыся ў Мінску, яшчэ раз пераканаецеся ў тым, што мы вельмі цёпла ставімся да нашых братоў-сербаў".
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ведаюць, з якімі праблемамі сёння сутыкаюцца ў Сербіі. "Думаю, і вы добра ведаеце пытанні, якія нам даводзіцца вырашаць. Складана вам, няпроста і нам. Але мы жылі і будзем жыць, таму што мы славяне, мы старажытныя народы і ўмеем пераадольваць цяжкасці, калі яны ёсць, і пераадольваць іх разам", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка і Небайша Стэфанавіч падрабязна разгледзелі актуальныя пытанні супрацоўніцтва паміж краінамі, шляхі развіцця міждзяржаўных адносін.
Як паведамлялася, 28 сакавіка адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі цяперашні стан і перспектывы развіцця адносін паміж Беларуссю і Сербіяй, у тым ліку шляхі павелічэння ўзаемнага тавараабароту. Пры гэтым бакі адзначылі супадзенне пазіцый краін у сферы палітыкі, па пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.
Аляксандр Вучыч запрасіў Аляксандра Лукашэнку зрабіць афіцыйны візіт у Сербію. Прэзідэнт Беларусі прыняў гэта запрашэнне. Канкрэтныя тэрміны візіту будуць узгоднены па дыпламатычных каналах.