6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння даверчыя граматы паслоў 13 дзяржаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"З улікам адкрытасці беларускай эканомікі важным фактарам устойлівага развіцця нашай краіны з'яўляецца эфектыўная эканамічная дзейнасць, якая забяспечваецца збалансаванасцю ў знешнім гандлі і ўдзелам у міжнародным падзеле працы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, адной з ключавых мэт эканамічнай палітыкі Беларусі становіцца планамерная дыверсіфікацыя экспарту і раўнамернае размеркаванне гандлёвых сувязей па трох асноўных напрамках: Еўразійскім эканамічным саюзе, Еўрапейскім саюзе, а таксама партнёрах у Азіі, Афрыцы і Амерыцы. Да 2020 года Беларусь плануе выйсці на прапарцыянальныя суадносіны па кожным з гэтых напрамкаў.
Кіраўнік дзяржавы прыняў даверчыя граматы паслоў Аўстраліі, Ганы, Гвінеі, Зімбабвэ, Рэспублікі Карэя, Нікарагуа, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Польшчы, Славакіі, Судана, Філіпін, Эфіопіі і Японіі.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў падтрыманні нарастаючай дынамікі супрацоўніцтва з ЕС. "Гэты год прынёс пазітыўныя зрухі ў нармалізацыі нашых адносін з Еўрасаюзам. Безумоўна, мы зацікаўлены ў максімальным паглыбленні ўзаемасувязей з ЕС", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама бачыць вялікія перспектывы для пашырэння ўзаемадзеяння з дзяржавамі Афрыкі, у дынамічным развіцці якіх Беларусь зацікаўлена. Яшчэ адным з прыярытэтаў у знешняй палітыцы краіны, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, па-ранейшаму з'яўляецца азіяцкі вектар.
Вялікі незадзейнічаны патэнцыял для ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы двухбаковага гандлю ёсць і ў адносінах з Аўстраліяй. У роўнай ступені Беларусь разлічвае на развіццё ўзаемадзеяння з краінамі амерыканскага рэгіёна. Надзейным палітычным і эканамічным саюзнікам у Цэнтральнай Амерыцы для Беларусі з'яўляецца Нікарагуа.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што дзейнасць дыпламатаў у Беларусі абернецца адчувальнымі вынікамі, дасць магчымасць знайсці дадатковыя нішы і рэсурсы для ўмацавання гандлёва-эканамічных кантактаў і рэалізацыі значных міжнародных праектаў. "Хачу запэўніць, што з боку беларускіх дзяржаўных органаў і нашых грамадзян вам будуць аказаны ўсебаковая ўвага і садзейнічанне, а для работы будуць створаны самыя спрыяльныя ўмовы. У гэтым вы можаце не сумнявацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.