10 сакавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Праваахоўная сістэма краіны павінна быць не толькі максімальна эфектыўнай, але і аптымальнай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па разглядзе вынікаў дзейнасці праваахоўных органаў у 2016 годзе і пытанняў аптымізацыі праваахоўнай і судовай сістэм, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адсутнасць дынамікі развіцця ў праваахоўнай сферы непазбежна прыводзіць да адставання і застою. А для таго, каб рухацца наперад, мы павінны на аснове сістэматычнага аналізу выяўляць існуючыя недахопы ў праваахоўнай сферы і аператыўна іх устараняць. Патрабаванні да работы праваахоўнай сістэмы краіны будуць павышацца - гэта для вас не сакрэт. Яна павінна быць не толькі максімальна эфектыўнай, але і аптымальнай: праваахоўны блок не можа знаходзіцца ў баку ад працэсаў, што адбываюцца ў дзяржаўным апараце ў цэлым", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што аптымізацыя дзяржапарату - гэта не самамэта. Галоўная задача ў тым, каб павысіць якасць дзяржаўнага кіравання.
"Аднак галоўныя патрабаванні да функцыянавання праваахоўнай і судовай сістэм застаюцца нязменнымі. Гэта своечасовае выяўленне і спыненне антыграмадскіх праяў, найстражэйшае выкананне законнасці, недапушчальнасць прыцягнення невінаватых да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
На нараду запрошаны больш за дзве з палавінай сотні ўдзельнікаў. У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, прадстаўнікі МУС, Следчага камітэта, МНС, КДБ, Дзяржпагранкамітэта і ДМК, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў пракуратуры, судовай сістэмы, Дэпартамента фінансавых расследаванняў.