25 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе максімальна задзейнічаць усе пляцоўкі і фарматы Саюзнай дзяржавы для далейшага развіцця супрацоўніцтва і прыняцця эфектыўных рашэнняў. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Думаю, вы згодзіцеся, што ў рамках створанай намі інтэграцыі ёсць усе ўмовы, каб працаваць узгоднена, зладжана, як гаворыцца, з дакладнасцю гадзіннікавага механізма", - звярнуўся Прэзідэнт Беларусі да ўдзельнікаў пасяджэння.
Ён адзначыў, што на пасяджэнні ВДС прапануецца абмеркаваць ход выканання намечаных прыярытэтных напрамкаў і задач развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву. Вызначыўшы іх год таму, бакі павінны дакладна разумець, дзе рушылі наперад, а дзе прабуксоўваюць, лічыць беларускі лідар.
"Вядучыя сусветныя дзяржавы і краіны-суседзі ўдзяляюць пільную ўвагу знешнепалітычнай актыўнасці Беларусі і Расіі, ваенным аспектам нашага супрацоўніцтва", - канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы. У парадак дня пасяджэння ўнесены разгляд і зацвярджэнне Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2016-2017 гады. На думку беларускага лідара, бакам неабходна ў поўнай меры ўлічыць вопыт эфектыўнай работы ў рамках выканання папярэдняга аналагічнага дакумента.
"Ваенна-палітычныя крызісы, якія захоўваюцца, вяртанне шэрага краін да блокавага мыслення, паўсюднае выкарыстанне санкцый як інструмента палітычнага націску вымушаюць нас трымаць порах сухім. Таму асаблівая ўвага сёння будзе ўдзелена абароннаму будаўніцтву", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. У прыватнасці, чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў разгледзяць пытанне планавання прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі.