8 чэрвеня, Астана /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перадаў Прэзідэнту Казахстана Нурсултану Назарбаеву копіі архіўных дакументаў, выяўленых органамі дзяржбяспекі Беларусі, у адносінах да асуджаных у БССР у канцы 1930-х гадоў па палітычных матывах і этапаваных у лагер на тэрыторыі Казахстана жанчын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дакументы прызначаны для Музейна-мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму, які размешчаны на месцы буйнейшага савецкага жаночага лагера - Акмалінскага спецаддзялення Карлага НКУС СССР, больш вядомага як Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Нурсултан Назарбаеў шмат увагі ўдзяляе аднаўленню аб'ектыўнасці гісторыі і гістарычнага працэсу. "Ведаю, што вы чалавек, прыхільны да гістарычнай праўды, колькі вы зрабілі для стварэння музея на месцы Акмалінскага лагера жонак здраднікаў Радзімы", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў, што калі даведаўся аб рэалізацыі ідэі па стварэнні музейна-гістарычнага комплексу на месцы былога лагера недалёка ад Астаны, то даручыў КДБ Беларусі знайсці і вывучыць архіўныя матэрыялы, паколькі ў лагер ссылаліся людзі з самых розных рэспублік былога СССР. "Мы знайшлі цікавыя матэрыялы. Думаю, яны паслужаць асновай нашай беларускай выстаўкі ў гэтым музеі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, перададзеныя дакументы - копіі спраў у адносінах да жонак беларускіх пісьменнікаў, пісьмы сваякоў рэпрэсіраваных жанчын. Сярод іх - і цешча народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі.
Нурсултан Назарбаеў падзякаваў беларускаму Прэзідэнту за перададзеныя архіўныя дакументы. Ён расказаў, што ў экспазіцыі музея на месцы лагера паспрабавалі аднавіць існаваўшыя тады ўмовы быту і ўтрымання зняволеных. "Там проста ў муках гінулі людзі. Яны былі з дзецьмі, некаторыя - цяжарныя. Нараджалі, дзеці гінулі, - сказаў Прэзідэнт Казахстана. - Недалёка ёсць спецыяльныя могілкі - называюцца мамачкіны могілкі - для дзяцей. Там на крыжах лялькі вісяць. Жудасна! Нельга забываць гэта!"
Як растлумачылі БЕЛТА ў КДБ Беларусі, супрацоўнікамі органаў дзяржбяспекі на пастаяннай аснове вядзецца работа па навуковай распрацоўцы архіўных дакументаў, што захоўваюцца. У ходзе карпатлівай работы выяўлены і вывучаны матэрыялы архіўных крымінальных спраў у адносінах да 63 жанчын - жонак рэпрэсіраваных у 1937 годзе прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Асуджаныя па палітычных матывах жанчыны былі этапаваны з БССР у Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы.
Гэтыя матэрыялы ўнікальныя і ўяўляюць сабой не толькі навуковую і гістарычную каштоўнасць, але і з'яўляюцца часткай гісторыі канкрэтнага чалавека, сям'і. Такім чынам, з'яўляецца магчымасць дапамагчы сваякам, пацярпелым у гады масавых палітычных рэпрэсій, аднавіць асобныя старонкі гісторыі сваёй сям'і.
Музейна-мемарыяльны комплекс памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму быў адкрыты 31 мая 2007 года па ініцыятыве Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Ён размешчаны недалёка ад сталіцы Казахстана Астаны.