7 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая змяніла ў 17-м годзе мінулага стагоддзя ход гісторыі чалавецтва і лёс беларусаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Гэта падзея знайшла водгук у розных кутках Зямлі, з'яднала прыгнечаныя народы, нанесла ўдар па глабальнай каланіяльнай сістэме, - гаворыцца ў віншаванні. - На змену ідэалогіі капіталізму прыйшлі прынцыпы сацыяльнай справядлівасці, роўнасці правоў і магчымасцей. Пачалася новая эпоха, у якую беларускі народ увайшоў у статусе палітычнай нацыі, упершыню стварыўшай на роднай зямлі нацыянальную дзяржаву".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Прадаўжаючы гістарычны шлях гераічных пакаленняў, якія з годнасцю прайшлі праз выпрабаванні грамадзянскага процістаяння, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, пасляваеннай разрухі, мы робім усё, каб, нягледзячы на новыя выклікі, захаваць дасягненні мінулага - свой уклад жыцця і традыцыі, унутрынацыянальны мір і адзінства, наш суверэнітэт. Няхай памяць пра эпахальную падзею, з якой пачалася гісторыя беларускай дзяржавы, дапамагае нам берагчы такі вялікі дар, умацоўваць свае пазіцыі на сусветнай палітычнай арэне".
У гэты знамянальны дзень Прэзідэнт пажадаў усім грамадзянам краіны дабрабыту і новых здзяйсненняў у імя будучыні роднай Беларусі.