26 сакавіка, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Стратныя сельгаспрадпрыемствы ў Беларусі маюць намер вывесці на рэнтабельную работу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання малочнатаварнага комплексу "Сліжы" ў Шклоўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў СМІ, асабліва ў расійскіх, яго паездкі па сельгаспрадпрыемствах тлумачаць тым, што работа па развіцці галіны не дала чаканых вынікаў і трэба прымаць новыя рашэнні.
"Трэба разумець, што без гэтых стратных гаспадарак мы лёгка можам жыць і працаваць, таму што частка мадэрнізаванай сельскай гаспадаркі дае нам поўнае спажыванне малака ўнутры краіны і на экспарт. Таму мы без тых 20-25 працэнтаў слабых гаспадарак, якія ў нас яшчэ ёсць, наогул можам абысціся ў плане вытворчасці прадукцыі. Але там жа жывуць нашы людзі, там жа ёсць глеба, зямля, якую трэба апрацоўваць. Таму мы не кідаем гэтыя гаспадаркі, вёскі і людзей, а паднімаем іх", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Нам трэба 100 працэнтаў зямлі, якая знаходзіцца ў севазвароце, падняць, стварыць нармальную вытворчасць, і галоўнае людзі - мы ж не можам пакінуць іх без увагі. Вось у чым сэнс сённяшніх размоў. Плюс навінка, новае нешта павінна быць: новыя віды прадукцыі, імпартазамяшчэнне і гэтак далей", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі аб развіцці ў краіне малочнай галіны і ходзе будаўніцтва малочнатаварных комплексаў. Кіраўнік дзяржавы асобна закрануў дзейнасць прадпрыемстваў у Шклоўскім раёне. "Чаму мы зноў займаемся Шклоўскім раёнам? Таму што я ведаю тут кожную гаспадарку. Таму мы спакойна на працягу, напэўна, 10-12 гадоў прыводзім у парадак раён, але не толькі яго", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ў 2017 годзе некалькі гаспадарак былі аб'яднаны ў буйны аграхолдынг "Купалаўскае". "Просяцца і іншыя ў гэты холдынг, але спяшацца не трэба. Трэба спачатку яго выбудаваць і паглядзець, што атрымаецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся вытворча-эканамічнымі паказчыкамі работы холдынга і ААТ "Амкадор-Шклоў", якое ўваходзіць у яго структуру.
Асаблівая ўвага была ўдзелена рэканструкцыі жывёлагадоўчых аб'ектаў у гаспадарках аграхолдынга і развіццю свінагадоўчай галіны. "Праз два месяцы павінна быць поўная яснасць са свінагадоўляй. Мы павінны ў "Купалаўскім" выйсці на канечную прадукцыю і гандаль гэтай прадукцыяй, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вось якая задума была па "Купалаўскім".