29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне юнакам і дзяўчатам краіны з Днём моладзі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы назваў прадстаўнікоў моладзі самай ініцыятыўнай, таленавітай і мэтанакіраванай часткай грамадства, яркімі здзяйсненнямі якой ганарыцца і захапляецца ўся Беларусь.
"Значныя адукацыйныя і навуковыя праекты, паспяховыя стартапы, спартыўныя медалі, перамогі на творчых конкурсах пастаянна пацвярджаюць, што вы знаходзіцеся на правільным шляху. А ў краіне робіцца ўсё магчымае, каб увасабляліся ў жыццё вашы самыя смелыя мары", - адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат.
Цяперашняму маладому пакаленню пашчаслівілася нарадзіцца і вырасці ў суверэннай дзяржаве, пабудаванай на трывалым фундаменце шматвяковай гісторыі беларускага народа. "Яго гераізм у час Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца асаблівай старонкай гэтага летапісу. Праз некалькі дзён мы адзначым знакавую дату - 75-годдзе вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У гады ліхалецця вашы равеснікі змагаліся за Радзіму з неверагоднай мужнасцю, самаадданасцю і патрыятызмам. Іх уклад у агульную перамогу над фашызмам сапраўды вялікі".
Сучасную моладзь можна лічыць дастойнымі нашчадкамі і прадаўжальнікамі слаўных традыцый гераічнага пакалення. "У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, нават пад мірным небам. Перакананы, сваімі новымі дасягненнямі вы яшчэ не раз здзівіце сучаснікаў і назаўсёды ўвойдзеце ў гісторыю роднай краіны", - канстатаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў прадстаўнікам маладога пакалення невычэрпнай энергіі, упэўненасці ў сваіх сілах і ўдачы ва ўсіх пачынаннях.