8 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Галоўнымі каштоўнасцямі для сучасных беларусаў з'яўляюцца мір на зямлі, дабрабыт у доме і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 верасня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння мы ўзнагароджваем тых, хто ахоўвае рубяжы Радзімы, здароўе людзей, уносіць прыкметны ўклад у забеспячэнне эканамічнай бяспекі дзяржавы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На мерапрыемстве вытворчы сектар прадстаўлялі кіраўнікі і супрацоўнікі некаторых прадпрыемстваў. Сярод іх - ААТ "Волатаўта", завод дакладнай электрамеханікі, Мінскі завод колавых цягачоў, ААТ "АГАТ - сістэмы кіравання".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што адметнасцю гэтых арганізацый стала ўкараненне ўласных распрацовак і развіццё новых для краіны галін. Паводле яго слоў, яшчэ з савецкіх часоў дасягненні беларускіх канструктараў былі вядомы і прызнаны ў свеце. "Прыемна бачыць, што традыцыі нашых выдатных вучоных прадаўжаюць актыўна развівацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У гэты ўрачысты дзень ушаноўвалі вялікую групу людзей у пагонах. "З году ў год вы забяспечваеце высокую гатоўнасць да абароны нашай Радзімы, адстойваеце яе бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць, падтрымліваеце мір і стабільнасць на беларускай зямлі", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што дастойна праявілі сябе работнікі ўнітарнага прадпрыемства электраэнергетыкі "Магілёўэнерга" ў экстрэмальных умовах пры ліквідацыі наступстваў цыклону "Даніэла". Паказаўшы высокі прафесіяналізм і зладжанасць у рабоце, яны аператыўна і якасна аднавілі электразабеспячэнне ў пацярпелых населеных пунктах, на вытворчых аб'ектах Магілёўскай вобласці, за што ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод.
У ліку тых, хто атрымаў ордэны і медалі з рук кіраўніка дзяржавы, - будаўнікі. У прыватнасці, работнікі ЗАТ "Мінскае спецыялізаванае ўпраўленне нумар 217", на рахунку якога ўзведзеныя аб'екты сацыяльна-культурнай сферы ў Мінску і Мінскай вобласці.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на высокім узроўні прафесіяналізму беларускіх медыкаў. "Калі яны атрымліваюць самыя сучасныя інструменты ў рукі, то робяць цуды", - заўважыў ён. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што медыцынскія напрамкі ў краіне сталі больш актыўна развівацца пасля чарнобыльскай трагедыі. У Беларусі вельмі шмат зроблена для развіцця медыцыны. Прэзідэнт запэўніў, што на дзяржаўным узроўні і ў далейшым будуць прымацца неабходныя меры для развіцця аховы здароўя і аказання на высокім узроўні медыцынскай дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў заслугі айчынных вучоных у асобе прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі Беларусі.
Звяртаючыся да ўзнагароджаных, Прэзідэнт закрануў тэму далейшага развіцця абараназдольнасці краіны. "Галоўная задача - абараніць нашу краіну. Мы нічога лішняга не хочам. Мы хочам, каб на нашым кавалачку зямлі, адносна невялікім, але не такім і малым, мірна жылі нашы дзеці. Каб яны жылі ў такой бяспечнай краіне, у якой жывём мы. Вось і ўся наша праблема, якую мы хочам вырашыць. Ну і яшчэ крышачку каб былі багацейшыя, гэта залежыць не толькі ад дзяржавы, але і асабіста ад усіх нас", - падкрэсліў ён.
"Таму давайце спакойна жыць і дзейнічаць. Калі хто-небудзь захоча штосьці вялікае стварыць асабіста, мы яму дапаможам. Калі хто-небудзь захоча мець свой кавалак зямлі і вырошчваць на ім хлеб - мы яму дапаможам. Але калі хто-небудзь хоча працаваць у калектыве - для гэтага ёсць усе ўмовы", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ўручэнне дзяржаўных узнагарод і прысваенне ганаровых званняў - гэта знамянальная падзея ў жыцці, знак асаблівай павагі да заслуг перад краінай і народам.