8 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Галоўнай падзеяй 2017 года ў Беларусі стала пераадоленне негатыўных тэндэнцый у эканоміцы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Свята-Духава кафедральнага сабора, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы пражылі вельмі складаны год. Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці, ужо шмат гаварыў і ў канцы года, і ў сваім навагоднім звароце. Але галоўная ўсеагульная падзея гэтага года - што нам, як мы і марылі год таму (я ў тым ліку, стоячы тут, гаварыў пра гэта), удалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў нашай эканоміцы, і гэта неадкладна паўплывала на ўсё наша грамадства", - заявіў беларускі лідар.
"Жыццё ў нас не цудоўнае, я гэта разумею, яно цярпімае. У гэтым годзе мы павінны зрабіць крок наперад, падняцца на ступеньку вышэй, каб гэта жыццё было не проста цярпімым, а нармальным. Асаблівасць цяперашняга моманту ў тым, што ў нас усё для гэтага ёсць. І мы абавязкова павінны разам з вамі зрабіць гэты крок, на гэту ступеньку падняцца. І тады ў нас праз год будзе пра што гаварыць, і ў нас зусім іншы будзе настрой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што пастараецца зрабіць усё для таго, каб на беларускай зямлі людзі жылі добра і каб госці краіны адчувалі, што беларусы - моцныя людзі, якія жывуць нядрэнна і гатовы любога госця з удзячнасцю прымаць.
"Мы жывём надзеямі на будучае, і я ўпэўнены, што гэтыя надзеі ў наступным годзе здзейсняцца", - рэзюмаваў Прэзідэнт.