20 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе з актывам Мінска даручыў распрацаваць канцэпцыю развіцця сталіцы як "разумнага горада", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Распрацуйце канцэпцыю развіцця Мінска як "разумнага горада", прынамсі, на пяцігадовую перспектыву. Вызначце ў ёй бачанне развіцця тэхналогій, канкрэтныя праекты, спосабы іх рэалізацыі і фінансавання", - даручыў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ў Беларусі ўзялі курс на развіццё ІТ-краіны. І гарады, у першую чаргу сталіца, павінны адпавядаць гэтаму статусу. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў Мінска ёсць усе рэсурсы, каб хутчэй за іншых справіцца з задачамі лічбавай трансфармацыі і пераўтварэння ў "разумны горад".
"Пакуль работа тут не вядзецца. Помніце, што ў цэнтры - чалавек і яго камфорт. Усё павінна быць прадумана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.