21 красавіка, Бабруйск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў наладзіць экспарт ахоўных масак пасля насычэння нацыянальнага рынку. Адпаведныя задачы кіраўнік дзяржавы паставіў сёння ў час наведвання ў Бабруйску прадпрыемства "Славянка", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы практычна, калі меркаваць па Магілёўшчыне, насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але давайце гаварыць шчыра. За межамі попыт вялікі? Трэба рэалізоўваць. І мы кампенсуем тыя расходы, якія панеслі, закупляючы маскі па ўсім свеце".
Як далажыў губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц, у яго рэгіёне штодзень расходуецца 20 тыс. ахоўных масак, а адшываецца - каля 470 тыс. "Трэба прадаваць, калі ёсць попыт. Просяць жа расіяне, латышы гэтыя маскі. Чаму не прадаць? Трэба дапамагчы людзям, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Усе прадаюць маскі. Гэта істотны тавар. Паглядзіце на Кітайскую Народную Рэспубліку. Я думаю, яны ўжо мільярд масак прадалі. Таму трэба вырабляць і прадаваць".
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз удакладніў, ці сапраўды ў вобласці і краіне закрыты патрэбнасці медустаноў і аптэк у сродках індывідуальнай аховы. Яго запэўнілі, што праблем з гэтым няма, калі недзе гэтыя вырабы адсутнічаюць, то гэта кропкавыя пытанні, якія хутка вырашаюцца. За суткі ў Беларусі шыюць больш за 2 млн масак. Да вытворчасці падключаны як вялікія прадпрыемствы, так і малы бізнес, адукацыйныя і сацыяльныя ўстановы. Прычым гэта работа была арганізавана практычна з нуля - яшчэ пару месяцаў таму ў краіне выраблялі толькі 60 тыс. масак за суткі.
Прэзідэнт падкрэсліў: калі ў нейкіх аптэках няма масак або цана на іх моцна завышана, з імі трэба строга разабрацца. "Заўтра яны павінны быць закрыты. Ніякіх узгадненняў! Вы іх атрымалі. Я ўсіх папярэджваў: не дай бог, мы выявім якую-небудзь спекуляцыю і іншае. Таму вырашайце ў вобласці ўсё самі, ні да якога Міністэрства аховы здароўя не трэба звяртацца. Міністэрству аховы здароўя трэба лячыць людзей", - сказаў ён.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба ствараць празмерныя запасы. "Трэба запас - няхай ён будзе, але празмернасцей не павінна быць, папрападае ж", - дадаў кіраўнік дзяржавы. Таксама ён нагадаў, што не трэба забываць і аб вытворчасці традыцыйнай прадукцыі на прадпрыемствах, напрыклад, адзення, калі гаварыць пра "Славянку". "Цяпер мы маскі будзем шыць, а заўтра па імпарце завозіць кашулі? Гэта нядобра. Трэба гібка сябе паводзіць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Як паведамлялася, 17 сакавіка ўрад часова забараніў вываз з Беларусі некаторых медыцынскіх тавараў. У пераліку тавараў апынуліся аднаразовыя камбінезоны і касцюмы хімабароны, рэспіратары, хірургічныя халаты, маскі, бахілы, бінты, вата, марля, розныя віды медыцынскіх пальчатак. Забарона вывазу таксама датычыцца камплектаў адзення для медыкаў, дыхальнага абсталявання і некаторых іншых тавараў. Гэтыя тавары забаронена вывозіць з Беларусі незалежна ад краіны іх паходжання.