9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чым далей адыходзяць у гісторыю падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым больш велічным і грандыёзным паўстае перад цяперашнімі пакаленнямі ахвярны подзвіг іх дзядоў і прадзедаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі з нагоды 76-й гадавіны Вялікай Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы зноў, як і раней, сустракаем пераможны май, які ў далёкім 45-м мінулага стагоддзя прынёс свабоду беларусам і ўсім братэрскім народам нашай неабсяжнай краіны - Савецкага Саюза. Чым далей адыходзяць у гісторыю гераічныя і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым больш велічным і грандыёзным паўстае перад намі ахвярны подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў - тых, хто выратаваў чалавецтва ад заняволення і знішчэння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта была эпахальная бітва за жыццё на зямлі, за захаванне чалавечага роду, Вялікая Перамога дабра над сусветным злом.
"Мы схіляемся перад гераізмам і стойкасцю воінаў-франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу, без якіх немагчыма была б перамога. Вы, загінулыя ў баях, памерлыя ад ран, паважаныя ветэраны, падарылі нам незгасальнае святло Вялікай Перамогі, пуцяводную зорку, якая будзе вечна свяціць многім пакаленням беларусаў, надаючы сілы для нашай стваральнай працы, для нашага руху наперад і толькі наперад, нягледзячы ні на якія складанасці, праблемы і цяжкасці. Ім было складаней. І яны сёння глядзяць адтуль на нас, і ў іх адно нямое пытанне: выстаім мы ці не? Выстаім! Беларусь славіць герояў-ветэранаў і заўсёды будзе помніць ваш подзвіг", - заявіў Прэзідэнт.
У краіне таксама схіляюцца перад самаадданай працай тых, хто, вярнуўшыся на папялішчы родных гарадоў і вёсак, уздымаў краіну з руін, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Нам было цяжэй за ўсіх, таму што на гэтай зямлі не засталося нічога і нікога, акрамя жанчын, дзяцей, інвалідаў і знясіленых салдат, якія вярнуліся з фронту. Мы ўзворвалі і сеялі, выкарыстоўваючы жаночую і дзіцячую працу. Нават коней не засталося. Мы ніколі не забудзем, што мільёны нашых суайчыннікаў склалі галовы на полі бітвы, згінулі ў лагерах смерці, былі павешаны, расстраляны або закатаваны ў гестапаўскіх засценках. Мы гэта помнім, а хто забыў - нагадаем, - падкрэсліў ён. - Нізка схіляем галовы перад памяццю тых, хто загінуў. Смуткуем па ветэранах, якія пайшлі ад нас".
У час цырымоніі кіраўнік дзяржавы прапанаваў ушанаваць памяць герояў мінутай маўчання.