28 жніўня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/.
Беларусь выканае ўсе дасягнутыя з Егіптам дамоўленасці. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Егіпта Самехам Хасанам Шукры, перадае карэспандэнт БЕЛТА."Яшчэ раз хачу пацвердзіць: мы зробім усё, аб чым дамаўляліся. Усё будзе залежаць ад вас, егіпцян. Мы настолькі хутка можам разгарнуцца ў Егіпце, наколькі на тое будзе ваша жаданне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў плённасць перагавораў, праведзеных у час афіцыйнага візіту ў Егіпет у студзені бягучага года. "Гэта быў добры і, як я спадзяюся, вельмі паспяховы візіт. Мы тады шмат аб чым дамовіліся з Прэзідэнтам Егіпта. Ваш візіт вельмі важны і знамянальны, таму што ён дае магчымасць не забываць аб нашых дамоўленасцях. Візіты высокага ўзроўню членаў урада, Беларусі ў Егіпет гэта ці Егіпта ў Беларусь, шмат што значаць у плане рэалізацыі дамоўленасцей, якіх мы дасягнулі тады ў студзені ў час перагавораў. Мне здалося, што Беларусь будзе вельмі запатрабавана ў эканамічным росце, у развіцці Егіпта", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт перадаў запрашэнне егіпецкаму калегу наведаць Беларусь у любы зручны для яго час.
Візіт Самеха Хасана Шукры з'яўляецца першым у гісторыі двухбаковых адносін наведваннем Беларусі кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Егіпта і разглядаецца як падрыхтоўчы этап для правядзення афіцыйнага візіту Прэзідэнта Егіпта ў Беларусь.