19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разглядае Аман як перспектыўнага гандлёвага і інвестыцыйнага партнёра ў рэгіёне Персідскага заліва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў Султаната Аман, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адносіны паміж нашымі дзяржавамі характарызуюцца высокім узроўнем даверу і шчырай дружбай, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Хачу падкрэсліць, што мы разглядаем Аман як аднаго з перспектыўных гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў у рэгіёне Заліва".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтаму садзейнічала актывізацыя афіцыйных кантактаў на ўрадавым і парламенцкім узроўнях на працягу апошніх двух гадоў.
"Беларусь гатова развіваць адносіны з вашай дзяржавай па ўсіх напрамках, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Хоць у нас і адзначана пэўная дадатная дынаміка ў развіцці гандлю, аднак тавараабарот застаецца вельмі нізкім. Можна сказаць, што мы ў пачатку шляху. Упэўнены, што патэнцыял нашага эканамічнага супрацоўніцтва велізарны і будзе запатрабаваны".