5 кастрычніка, Ісламабад /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь можа стаць для Пакістана інвестыцыйным акном у Еўропу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час адкрыцця IV Беларуска-пакістанскага дзелавога і інвестыцыйнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Безумоўна, актывізацыя беларуска-пакістанскага інвестыцыйнага супрацоўніцтва будзе садзейнічаць росту эканомікі як Пакістана, так і Беларусі. І важная роля ў гэтым працэсе павінна належаць бізнесменам і прадпрымальнікам, якія сабраліся ў гэтай зале", - лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да гэтага часу краіны не могуць пахваліцца поспехамі ў гэтым напрамку. "Аднак рост вашай эканомікі, павелічэнне яе магчымасцей па замежным укладанні капіталаў ствараюць спрыяльныя перадумовы для таго, каб Беларусь па праву стала для Пакістана інвестыцыйным акном у Еўропу", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што за апошні год Беларусь і Пакістан абмяняліся чатырма афіцыйнымі візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях. У час кожнага праводзіўся дзелавы і інвестыцыйны форум, што сведчыць аб цвёрдым намеры бакоў развіваць плённыя адносіны паміж дзелавымі коламі дзяржаў.