24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер прыкласці максімум намаганняў для нарошчвання гандлю з ААЭ. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусі Мухамедам Абдалой Мухамедам аль-Гафлі з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў дзейнасць дыпламата ў Беларусі. "Павінен сказаць, што для вас і нас той перыяд, калі вы прадстаўлялі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ў Беларусі, быў насычаны актыўным супрацоўніцтвам. Мы вызначылі і выкрышталізавалі асноўныя напрамкі, па якіх гатовы ўзаемадзейнічаць з ААЭ".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што існуючы двухбаковы тавараабарот з'яўляецца недастатковым. "Не скажу, што мы маем тавараабарот, які адпавядае патэнцыялам дзвюх краін. Тавараабарот за мінулы год у $70 млн - гэта не той паказчык, які павінен існаваць паміж нашымі краінамі", - лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць, што лічба павінна быць на парадак вышэй, неабходна прыкласці максімум намаганняў для гэтага.
Тым не менш, як падкрэсліў Прэзідэнт, перыяд дыпламатычнай місіі пасла быў станоўчы. "І я вам удзячны за гэта, вы жаданы госць у Беларусі і заўсёды можаце прыехаць у нашу краіну без усялякіх фармальнасцей. Мы будзем рады вас бачыць", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў надзею на тое, што новы пасол ААЭ, які прыедзе ў Беларусь, захавае пераемнасць па развіцці двухбаковых адносін.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь можа прапанаваць Аб'яднаным Арабскім Эміратам супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, што цікавяць. "Галоўнае - больш актыўна рэалізоўваць тую дарожную карту, якую мы вызначылі з кіраўніцтвам ААЭ. Упэўнены, што яшчэ не адзін раз будзе магчымасць сустрэцца з вамі і ў ААЭ. І мы чакаем кіраўнікоў вашай краіны ў Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Аб'яднаныя Арабскія Эміраты з'яўляюцца надзейным партнёрам і сябрам для Беларусі. Аляксандр Лукашэнка перадаў самыя добрыя пажаданні кіраўніцтву ААЭ за дапамогу і падтрымку, што аказваюцца Беларусі.