9 ліпеня, Уфа /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь вітае адкрыты характар БРІКС і гатова актыўна падключыцца на правах дружалюбнай дзяржавы да розных напрамкаў супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на сустрэчы кіраўнікоў краін, што ўваходзяць у БРІКС, з лідарамі запрошаных дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы даўно і паслядоўна развіваем ідэю "інтэграцыі інтэграцый" у сучасным свеце. Беларусь - гэта саюзнік БРІКС па пабудове ўзаемавыгадных і раўнапраўных адносін паміж Захадам і Усходам, Паўначчу і Поўднем без раздзяляльных ліній", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Беларусь можна смела прылічыць да членаў "клуба сяброў БРІКС". Нам удалося выбудаваць узаемавыгадныя адносіны з усімі дзяржавамі аб'яднання", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прысутных на тое, што Беларусь з'яўляецца надзейным і падказальным партнёрам. "Мы не маем канфліктаў на сваёй тэрыторыі і не ствараем праблем суседзям. Стабільна забяспечваем бяспеку агульных граніц, транзіт энерганосьбітаў. Эфектыўна процідзейнічаем наркатрафіку і нелегальнай міграцыі. Праводзім міралюбівую знешнюю палітыку", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Як лідар дзяржавы, якая старшынствуе ў 2015 годзе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці беларускага боку падтрымаць спецыяльныя фарматы ўзаемадзеяння ЕАЭС і БРІКС.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь цэніць уклад БРІКС у падтрыманне і абарону на сусветнай арэне інтарэсаў дзяржаў з пераходнай эканомікай і краін, якія сталі на шлях развіцця. "Мы ўскладаем надзеі на зацікаўленую пазіцыю БРІКС па фарміраванні больш справядлівай міжнароднай эканамічнай і фінансавай сістэмы", - сказаў ён.