23 красавіка, Тбілісі /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Грузія могуць стварыць трывалы фундамент для будучых адносін, заснаваны на моцных гандлёва-эканамічных сувязях. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Тбілісі са сваім грузінскім калегам Георгіем Маргвелашвілі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У палітыцы ў нас няма ніякіх супярэчнасцей. Я ўдзячны і былому Прэзідэнту, і вам за тое, што вы ўсюды на Захадзе нас падтрымлівалі і падтрымліваеце", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Мы даўно павінны былі сустрэцца тут, у гэтым легендарным горадзе, краіне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я, да сораму свайго, ні разу не быў у Тбілісі. Напэўна, даўно трэба было пабываць тут, тым больш што з даўніх часоў наш народ заўсёды меў глыбокія пачуцці павагі да грузінскага народа".
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што яго візіт у Грузію пачаўся з ускладання вянка да магілы Невядомага салдата. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зрабіў гэта ў знак павагі да загінулых у гады Другой сусветнай вайны, Вялікай Айчыннай вайны. "Гэта таму, што нашу Беларусь вызвалялі тысячы грузін. У нас загінулі сотні, а можа, і тысячы грузін, таму я аддаў даніну павагі напярэдадні важнай даты ўсім грузінам, усім савецкім воінам, якія загінулі ў гады вайны", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Георгію Маргвелашвілі за ветлівасць і гасціннасць.