28 лістапада, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Азербайджан былі і застаюцца надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі. Аб гэтым заявіў 28 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перагаворы былі вельмі канструктыўныя і плённыя. Бакі пацвердзілі стратэгічны характар двухбаковых адносін і канстатавалі адсутнасць праблем або разыходжанняў паміж Беларуссю і Азербайджанам.
Паводле слоў беларускага лідара, сугучныя і падыходы да далейшых сумесных дзеянняў ва ўмовах стагнацыі сусветнай эканомікі і неадназначных прагнозаў развіцця міжнароднай сітуацыі.
У гэтым кантэксце прэзідэнты выказалі цвёрды намер надаць беларуска-азербайджанскім адносінам дадатковую дынаміку. Перш за ўсё гэта датычыцца гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
"На заканчэнне яшчэ раз падкрэсліваю, што паміж Мінскам і Баку няма нявырашаных і невырашаемых пытанняў. Закрытых тэм для абмеркавання таксама няма. Мы былі і застаёмся надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"І нашы азербайджанскія сябры, нашы браты ў Азербайджане павінны ведаць, што ў Беларусі мы ўсё зробім для Азербайджана, на што мы здольныя. Мы заўсёды будзем помніць тую ролю, якую вы адыгралі ў адпаведныя цяжкія часы, падставіўшы нам плячо. Мы гэта добра помнім. І мы народ удзячны, заўсёды будзем гэтак жа падстаўляць сваё плячо азербайджанскаму народу, калі гэта спатрэбіцца", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.