17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зробіць сёння рабочую паездку ў Лідскі раён Гродзенскай вобласці, паведамляе БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы наведае ААТ "Шклозавод "Нёман", дзе Аляксандр Лукашэнка азнаёміцца з вытворчай дзейнасцю і перспектывамі развіцця прадпрыемства. Прэзідэнту таксама даложаць аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскай вобласці і Лідскага раёна.
На прадпрыемстве кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з арганізацыяй вытворчасці шклаваты і тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці хрусталю, агледзіць выстаўку вырабляемай прадукцыі.
У рамках праграмы развіцця шкляной прамысловасці Беларусі на 2006-2010 гады і на перыяд да 2015 года ажыццяўлялася мадэрнізацыя шклозавода "Нёман". Дзякуючы дапамозе дзяржавы на прадпрыемстве абноўлены асноўныя сродкі, арганізаваны выпуск імпартазамяшчальнай і экспартна арыентаванай прадукцыі - шклаваты.
У час рабочай паездкі Прэзідэнту таксама даложаць аб рэканструкцыі аўтадарогі М6 Мінск - Гродна - граніца Рэспублікі Польшча (Брузгі).
Пры праектаванні трасы ўлічаны існуючая і перспектыўная сетка аўтадарог, жылая забудова, межы рэкрэацыйных зон, прыродаахоўных тэрыторый і месцаў, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць. Асноўная ўвага ўдзялялася захаванню лесу і ворных зямель.
Агульны кошт будаўніцтва аўтадарогі склаў $219 млн. Рэканструкцыя аб'екта ажыццяўлялася выключна беларускімі падраднымі арганізацыямі.
У сувязі з завяршэннем рэканструкцыі аўтадарогі М6 і будаўніцтва на тэрыторыі Польшчы аўтастрады Варшава - Беласток з'явіўся альтэрнатыўны раўназначны калідор Усход - Захад. Адлегласць ад Мінска да Варшавы праз Брэст складае 553 км, а праз Гродна - 546 км. Гэты факт значна павысіць транзітную прывабнасць Беларусі, зменшыць чэргі на граніцы.