2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з'явіліся новыя магчымасці для больш шырокага ўключэння дзяржавы ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўручэння даверчых грамат пасламі замежных краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер Беларусь старшынствуе ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве. Дзякуючы гэтаму ў нас з'явіліся новыя магчымасці для больш шырокага ўключэння дзяржавы ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы. Невыпадкова тытульнай тэмай беларускага старшынства выбрана пашырэнне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Згадзіцеся, у кантэксце цяперашняй нестабільнай абстаноўкі і беспрэцэдэнтных выклікаў яна мае асаблівае значэнне".
Гэты год знамянальны і тым, што ў Мінску пройдзе сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. "Падзея для нашай краіны, ды і для ўсёй Еўропы важная і адказная. На сесіі плануецца абмеркаваць пытанні ўмацавання ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў рэгіёне АБСЕ. Прымаючы высокі форум, Беларусь мае магчымасць пачаць канструктыўны дыялог з прадстаўнікамі многіх еўрапейскіх дзяржаў", - упэўнены Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь можа забяспечыць замежным партнёрам выхад на велізарны рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта, несумненна, павышае яе прывабнасць у гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным плане.
"Імкненне Беларусі да адкрытасці пацвярджаецца ўвядзеннем у пачатку 2017 года бязвізавага рэжыму ўезду для грамадзян 80 краін. За мінулы перыяд такой магчымасцю скарысталіся турысты і прадпрымальнікі ў тым ліку і з дзяржаў, якія вы тут прадстаўляеце. Усё гэта стварае аснову для актывізацыі дзелавых і чалавечых стасункаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама заўважыў, што бягучы год аб'яўлены ў краіне Годам навукі і задачы ў гэтай сферы пастаўлены грандыёзныя. "Па прыярытэтных для сябе напрамках даследаванняў Беларусь плануе праз дзесяць гадоў увайсці ў лік лідзіруючых дзяржаў. У нас захавалася і развіваецца магутная акадэмічная навука, прадстаўленая дзясяткамі буйных даследчых цэнтраў і вышэйшых навучальных устаноў, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Спадзяёмся на вашу актыўную дапамогу ў арганізацыі навуковага і студэнцкага абмену, устанаўленні ўніверсітэцкіх сувязей і рэалізацыі сумесных навукова-тэхнічных праектаў".
Даверчыя граматы кіраўніку беларускай дзяржавы сёння ўручылі паслы Азербайджана, Ірана, Бельгіі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Новай Зеландыі, Мальтыйскага ордэна, Арменіі, Грэцыі, Руанды, Ізраіля, Украіны.