12 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяпер навука з'яўляецца важнейшым рэсурсам для ўздыму цэлых галін. На гэта ён звярнуў увагу сёння, уручаючы дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Новыя распрацоўкі даюць магчымасць істотна эканоміць рэсурсы і энерганосьбіты, дапамагаюць знізіць сабекошт прадукцыі і зрабіць яе канкурэнтаздольнай на знешніх рынках", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, не страчвае актуальнасці і тэма імпартазамяшчэння. "Нам важна вырабляць тавары не проста больш якасныя і даступныя, але і якія максімальна адпавядаюць патрэбам спажыўца, адаптаваныя да нашай рэсурснай базы і ўмоў эксплуатацыі", - лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ва ўсім свеце сёння складваюцца вельмі няпростыя эканамічныя ўмовы, сур'ёзныя цяжкасці маюць гандлёвыя партнёры Беларусі, канкурэнты. "Будучыня Беларусі шмат у чым залежыць ад таго, як мы будзем паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі - апусцім рукі, пачнём панікаваць, крычаць гвалтам або будзем шукаць перспектыўныя шляхі вырашэння існуючых праблем, - сказаў Прэзідэнт. - Нездарма кажуць: у цяжкі час адкрываюцца вялікія магчымасці".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што работа вучоных можа і павінна прыносіць максімальную аддачу, у тым ліку матэрыяльную. "Акрамя таго, для любога вучонага важна бачыць відавочныя вынікі сваёй працы і карысць, якую ён прыносіць людзям і краіне", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць развіцця фундаментальнай навукі, паколькі ў ёй ключ да будучых адкрыццяў, тэхналогій, інавацый. На думку Прэзідэнта, трэба падтрымліваць айчынныя навуковыя школы як залог прадаўжэння лепшых традыцый беларускіх вучоных, захавання і перадачы ведаў ад старэйшых калег малодшым.