13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абяцае далейшую падтрымку развіццю ў краіне IT-сферы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, наведваючы ў Мінску кампаніі, якія працуюць у сферы высокіх тэхналогій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што з боку дзяржавы і ў далейшым будзе аказвацца неабходнае садзейнічанне, у тым ліку ў частцы прыняцця неабходных нарматыўных прававых актаў, якія вызначаюць умовы работы арганізацый у гэтым сектары эканомікі. Разам з тым ён падкрэсліў, што адным з асноўных патрабаванняў з'яўляецца празрыстасць і законнасць працэсаў з пункту гледжання вядзення бізнесу, пытанняў падаткаабкладання. "Жывучы ў Беларусі, трэба будаваць будучую прыгожую краіну, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Так, будучыня - добра. Але павінна быць сумленная і прыстойная сучаснасць. І вы атрымаеце ўсё, аб чым мы дамовімся, па заканадаўстве".
"Я гатовы вас падтрымліваць там, дзе трэба, нешта спрасціць. Але трэба, каб гэты працэс быў празрыстым", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт у Мінску, у прыватнасці, наведаў офісы ТАА "Бануба Дэвелапмент" і ТАА "І-Экс-Пі Кэпітал". Інвестары Віктар Пракапеня і Міхаіл Гуцарыеў далажылі кіраўніку дзяржавы аб рабоце гэтых кампаній і іх перспектыўных распрацоўках. Гэта, у прыватнасці, праекты ў галіне дапоўненай рэальнасці і штучнага інтэлекту.