9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 красавіка ў светлае свята Вялікадня сустрэўся з мітрапалітам Філарэтам, пачэсным Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сустрэча прайшла ў Мінскім епархіяльным упраўленні Беларускай праваслаўнай царквы. Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Філарэт цёпла прывіталі адзін аднаго.
"Сёння я вырашыў прыехаць да вас у дамавы храм, які вельмі люблю. Хачу ад сябе асабіста і ад вас павіншаваць беларускі народ са светлым святам Вялікадня. Гэта самае жаданае свята ў нашага народа, вы гэта добра ведаеце. Таму дазвольце мне вас павіншаваць з гэтым светлым святам і ўвесь беларускі народ, пажадаць дабра і шчасця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы на Нараджэнне Хрыстова традыцыйна наведвае галоўны беларускі храм - Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа, а Вялікдзень сустракае ў невялікіх цэрквах. На гэты раз месцам наведвання быў выбраны дамавы храм у гонар Сабора Беларускіх святых. Прэзідэнт асабіста павіншаваў мітрапаліта Філарэта з днём нараджэння, што мінуў, і светлым святам Вялікадня. Разам яны павіншавалі з Хрыстовым Уваскрэсеннем увесь беларускі народ.
Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем і мітрапалітам запалілі свечку ў дамавым храме і абмяняліся падарункамі.
Кіраўнік дзяржавы паднёс у дар мітрапаліту Філарэту велікодны кошык і велікоднае яйка, выкананае ў тэхніцы сожскай скані. Мітрапаліт падарыў Прэзідэнту велікоднае яйка мастацкай работы з выявай абраза "Уваскрэсенне Хрыстова".