2 лістапада, Абу-Дабі /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сёння сустрэчу з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у ААЭ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гандлёва-эканамічных адносінах мы вельмі актыўна супрацоўнічаем. Наш тавараабарот ужо, нягледзячы на розныя праблемы і перашкоды, склаў больш за $3 млрд, напэўна, недзе $3,5 млрд будзе на сённяшні дзень. Але ў нас ёсць вельмі добрая магчымасць пашырыць супрацоўніцтва за кошт узаемадзеяння рэгіёнаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Новы імпульс развіццю адносін паміж краінамі, упэўнены беларускі лідар, дасць першы форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які рыхтуюцца правесці ў Гомелі.
"Што датычыцца палітычнага ўзаемадзеяння, то ў нас наогул праблем няма. Мы абсалютна прытрымліваемся таго курсу, па якім дамовіліся ісці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што нават на вялікай адлегласці ад сваіх краін прэзідэнты знайшлі магчымасць сустрэцца і разгледзець праблематыку адносін. "Сёння ў нас ёсць магчымасць абмеркаваць тыя пытанні, якія, магчыма, маюць патрэбу ў дадатковым імпульсе з нашага боку. Я хачу вас запэўніць, што мы заўсёды былі людзьмі абавязковымі: калі мы абяцаем, мы гэта робім. Я хачу гэта вам гарантаваць і на будучае", - заявіў беларускі лідар.
Пётр Парашэнка адзначыў актыўную работу над рэалізацыяй раней дасягнутых дамоўленасцей, пачынаючы ад пытанняў дэмаркацыі і заканчваючы гандлёва-эканамічным супрацоўніцтвам. "Я гэта пытанне трымаю на кантролі", - падкрэсліў Прэзідэнт Украіны. Ён выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што бакі пашыраюць узаемадзеянне па розных напрамках, уключаючы эканоміку і сацыяльную сферу.
Аляксандр Лукашэнка наведвае Аб'яднаныя Арабскія Эміраты з рабочым візітам. У час паездкі запланаваны перагаворы кіраўніка беларускай дзяржавы з кіраўніцтвам краіны, а таксама шэраг сустрэч з прадстаўнікамі бізнес-колаў.
З рабочым візітам у ААЭ 1-2 лістапада знаходзіцца і Пётр Парашэнка. Напярэдадні ён зрабіў афіцыйны візіт у Саудаўскую Аравію.