21 мая, Ватыкан /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Папа Рымскі Францыск 21 мая ў час сустрэчы ў Апостальскім палацы ў Ватыкане абмеркавалі развіццё адносін Беларусі з Рымска-каталіцкай царквой, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і пантыфіка Францыска прадаўжалася амаль 40 мінут, з іх 25 мінут Прэзідэнт і Папа Рымскі размаўлялі ў фармаце "сам-насам". Сустрэча праходзіла ў вельмі цёплай і дружалюбнай атмасферы. Ужо ў прысутнасці членаў афіцыйнай дэлегацыі бакі абмяняліся падарункамі. Кіраўнік беларускай дзяржавы падарыў пантыфіку копію крыжа Ефрасінні Полацкай, выкананую з дапамогай унікальнай тэхнікі разьбы па дрэве, мадэль карэты, зробленую па той жа тэхналогіі, а таксама галаграфічны абраз. Як адзначыў Прэзідэнт, гэты абраз злучае ў сабе гісторыю і сучаснасць.
Папа Рымскі Францыск, у сваю чаргу, падарыў Прэзідэнту тры напісаныя ім дакументы аб Евангеллі, ахове прыроды і сям'і. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў азнаёміцца з іх зместам і перадаць іх на захоўванне ў Прэзідэнцкую бібліятэку. Яшчэ адзін падарунак пантыфіка - мастацкая выява аліўкавага дрэва, якое з'яўляецца сімвалам міру. У гэтым плане Папа Рымскі асабліва падкрэсліў тую мірную місію, якую ўзяла на сябе Беларусь. "Мінск можа быць месцам міру", - сказаў ён.
На заканчэнне сустрэчы Прэзідэнт Беларусі і пантыфік цёпла развіталіся. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Папе Рымскаму Францыску наведаць выстаўку беларускіх абразоў, якая нядаўна адкрылася ў музеях Ватыкана. Ён таксама запрасіў пантыфіка зрабіць візіт у Беларусь. "Прыязджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сіл і здароўя, колькі ні ў адной кропцы свету", - сказаў Прэзідэнт.
Пасля аўдыенцыі ў Папы Рымскага адбылася таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржаўным сакратаром Ватыкана П'етра Паралінам.