12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вядучая беларуская біятланістка Дар'я Домрачава 11 студзеня перамагла ў гонцы з масавага старту на 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі на 4-м этапе Кубка свету па біятлоне ў нямецкім Оберхофе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Пераможны рэзультат Домрачавай - 42 мін. 36,6 сек., прычым ёй не перашкодзілі стаць лепшай чатыры промахі ў стральбе, якія яна сумарна дапусціла па ходзе спаборніцтваў. Другой у мас-старце стала чэшка Вераніка Віткава (+14,9 сек., 2 промахі), трэцяй - нарвежка Цірыл Экхаф (+21,7 сек.; 2).
Для Дар'і Домрачавай гэта перамога ў асабістых гонках этапаў Кубка свету сезона 2014/15 стала трэцяй. Раней яна ўсіх апярэджвала ў індывідуальнай гонцы на этапе КС у шведскім Эстэрсундзе, а таксама ў гонцы праследавання на аналагічным старце ў славенскай Паклюцы.
У жаночым мас-старце ў Оберхофе выступала яшчэ адна прадстаўніца Беларусі Надзея Скардзіна, якая фінішавала 24-й (+3 мін. 31,4 сек.; 5).
Дар'я Домрачава і лідар агульнага заліку Кубка свету фінская біятланістка Кайса Мякярайнен узначалілі гонку хутка пасля старту і ў шчыльнай звязцы прыйшлі на першы агнявы рубеж, дзе сінхронна прамахнуліся па два разы і адразу трапілі ў трэці дзясятак. Надзея Скардзіна пры першай стральбе была дакладнай, а на другую прыйшла лідарам. Аднак заваяваных пазіцый утрымаць не змагла з-за двух промахаў. Недакладнасці пры наступных візітах на агнявыя рубяжы сталі прычынай яшчэ большага падзення Надзеі ў падагульняючым пратаколе. Домрачава ж на сваёй другой стральбе пакінула адну незакрытую мішэнь і, пераадолеўшы адзін штрафны круг, адправілася ў пагоню за пелетонам лідараў, у якім па ходзе спаборніцтваў пастаянна адбываліся змяненні. Значна скараціўшы сваё адставанне, трохразовая алімпійская чэмпіёнка ідэальна справілася са стралковым практыкаваннем на першай "стойцы", пасля чаго ўвайшла ў тройку лепшых разам са славачкай Янай Геракавай і чэшкай Веранікай Віткавай, а хутка і апярэдзіла іх. Заключная стральба прынесла Домрачавай адзін промах. Лідарам на апошні круг пайшла Геракава, але яе вельмі хутка перамясцілі з прызавых пазіцый нават тыя, хто прамахваўся на чацвёртым рубяжы. Домрачава выйшла на чыстае першае месца прыкладна за 2 км да фінішу і перамогу не ўпусціла.
У агульным заліку Кубка свету Дар'я Домрачава з 4-га перамясцілася на 2-е месца (386 ачкоў). Лідарам па-ранейшаму застаецца Кайса Мякярайнен (486), якая ў мас-старце фінішавала на чацвёртай пазіцыі (+25,9 сек.; 4 промахі). Трэцяй у агульным заліку КС ідзе ўкраінка Валянціна Семярэнка (366).