18 снежня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. У Брэсцкім абласным Палацы культуры прафсаюзаў 18 снежня адбылося фінальнае мерапрыемства рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі-2015", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З паспяховым завяршэннем акцыі брастаўчан павіншаваў намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік. Ён падзякаваў усім, хто меў непасрэдныя адносіны да рэалізацыі гэтага праекта. "Думаю, што горад, які прыме ў Брэста эстафету, таксама высока пранясе гэта высокае званне", - сказаў намеснік міністра.
Падводзячы вынікі культурнага года, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук адзначыў, што ў час акцыі ў горадзе адбыліся сотні культурных мерапрыемстваў. Многія з творчых праектаў ажыццёўлены ўпершыню, у тым ліку - па ініцыятыве гараджан. "Асабіста для мяне знакавымі з'яўляюцца тыя падзеі, якія сталі вынікам ініцыятывы саміх брастаўчан - неабыякавых, таленавітых, адораных. Мы заклалі ў горадзе новыя традыцыі, і я вельмі рады, што па выніках гэтага года ў нас з'явілася мноства задумак, якія будуць рэалізаваны ў далейшым", - упэўнены Аляксандр Рагачук.
Так, Берасцейскі карнавал атрымае свой працяг і стане фішкай горада. Бард-фестываль імя У.Высоцкага таксама стане традыцыйным. "Мы будзем старацца, каб у наступным годзе ўжо была ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя, прысвечаная гэтаму цудоўнаму барду, які мае непасрэдныя адносіны да нашага горада", - паабяцаў мэр, заўважыўшы, што ў горадзе не плануецца зніжаць узятую планку.
Кульмінацыяй свята была цырымонія ўручэння дыпломаў "Брэст - культурная сталіца Беларусі-2015". Узнагарод удастоены 23 намінанты. Гэта кіраўнікі і работнікі ўстаноў культуры, журналісты, мастакі, музыканты, мецэнаты, якія сваімі творчымі праектамі ўнеслі прыкметны ўклад у культурнае жыццё горада.
Потым Аляксандр Рагачук уручыў сімвалічны знак культурнай сталіцы старшыні Маладзечанскага райвыканкама Аляксандру Яхнаўцу.
Шматгадовай заслугай работнікаў культуры і ўсіх жыхароў Маладзечанскага раёна назваў Аляксандр Яхнавец прысваенне гораду статусу культурнай сталіцы Беларусі 2016 года. Ён адзначыў, што Маладзечанскі край багаты на культурныя традыцыі. Горад мае свой брэнд - штогадовы нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Тут ганарацца сваімі 57 творчымі калектывамі, якія маюць статус заслужаных, народных, узорных. "Зразумела, пачэсна, хвалююча і вельмі прыемна атрымаць статус культурнай сталіцы Беларусі. Мы будзем старацца і прыкладзём усе намаганні, каб прыўнесці нешта новае ў гэты праект і пераўзысці брастаўчан", - паабяцаў кіраўнік Маладзечанскага раёна.
У гала-канцэрце прынялі ўдзел лепшыя творчыя калектывы і салісты абласнога цэнтра. Заключным акордам свята стала выступленне гасцей - заслужанага аматарскага калектыву ансамбля песні і танца "Спадчына" Палаца культуры Маладзечна і Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры".
Праект "Культурная сталіца Беларусі" стартаваў у 2010 годзе. Першым гэтага статусу быў удастоены Полацк. Потым эстафету падхапілі Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна, Брэст.