20 мая, Мінск /Аксана Кісялёва - БЕЛТА/. Больш як 120 лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў, саветаў і парламентаў гарадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі ўдзельнічаюць у Х Нацыянальным дзіцячым форуме "Дзеці Беларусі за мір і ўзаемаразуменне", які адкрыўся сёння ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прывітальны зварот дэлегатам форуму накіраваў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. У ім ён падкрэсліў, што "гэты форум - адзін з важнейшых крокаў да светапогляднага самавызначэння, пошуку эфектыўных шляхоў выхавання грамадзянскай адказнасці, далучэння моладзі да культурных каштоўнасцей, выхавання працавітага, адукаванага, духоўна багатага чалавека". Удзельнікаў форуму ў сваім відэазвароце павітаў беларускі алімпійскі чэмпіён Максім Мірны, ён пажадаў маладым лідарам "ісці зададзеным курсам".
На адкрыцці прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар адзначыў асаблівую значнасць міру і ўзаемаразумення.
Сімвалічна, што маладзёжныя лідары пачалі сваю работу з ускладання кветак да манумента Перамогі.
На працягу двух дзён удзельнікі форуму абмяркуюць пытанні супрацоўніцтва і дзіцячай дыпламатыі, сацыяльнага лідарства, эфектыўных стасункаў і кіравання канфліктамі, праблемы і выклікі маладзёжнага свету. Іх чакае работа на дзіцячай асамблеі "Разам за мірную Беларусь", інтэрактыўных дыскусійных пляцоўках, круглых сталах, выстаўкі і культурна-творчая праграма. У час форуму пройдзе заключны этап IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу "Лідар года - 2016", пераможцы якога будуць названы 21 мая.
Арганізатары форуму - Міністэрства адукацыі Беларусі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.