26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены заваявалі 14 узнагарод на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ ў венгерскім Сегедзе і разам са зборнай Германіі сталі лепшымі ў агульнакамандным медальным заліку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У скарбонцы каманды Уладзіміра Шантаровіча 6 залатых медалёў. Двойчы на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару паднімаўся экіпаж жаночай байдаркі-двойкі Марына Літвінчук / Вольга Худзенка (200 м і 500 м). Таксама чэмпіёнамі планеты сталі Алена Наздрова (каноэ-адзіночка, 500 м), Вольга Клімава (каноэ-адзіночка, 5000 м), Алег Юрэня (байдарка-адзіночка, 5000 м) і экіпаж мужчынскай байдаркі-двойкі Станіслаў Дайнека / Дзмітрый Натынчык (500 м).
Сярэбраныя ўзнагароды заваявалі: Мікіта Борыкаў (байдарка-адзіночка, 500 м), Арцём Козыр (каноэ-адзіночка, 200 м), Вольга Худзенка (байдарка-адзіночка, 500 м), экіпаж жаночай байдаркі-чацвёркі Марына Літвінчук, Вольга Худзенка, Надзея Папок, Маргарыта Махнёва (500 м).
Уладальнікамі бронзы сталі: Марына Літвінчук (байдарка-адзіночка, 5000 м), Алена Наздрова (каноэ-адзіночка, 200 м), жаночы экіпаж каноэ-двойкі Вольга Клімава-Надзея Макарчанка (500 м), мужчынскі экіпаж каноэ-чацвёркі Андрэй Багдановіч, Яўген Тэнгель, Максім Крысько, Віталь Асецкі (500 м).
Па 14 узнагарод у Сегедзе заваявалі зборныя Беларусі (6, 4, 4) і Германіі (6, 7, 1). У гаспадароў сусветнага першынства венграў 13 медалёў (6, 4, 3), у весляроў Вялікабрытаніі 8 узнагарод (4, 2, 2).