3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Ванэса Каладзінская заваявала залаты медаль чэмпіянату Еўропы па трох відах барацьбы, які праходзіць у сербскім Нові-Садзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У вагавой катэгорыі да 53 кг Ванэса Каладзінская была мацнейшая за Юлію Леарду з Малдовы, Анжэлу Даражан з Азербайджана. У паўфінале беларуска адолела Марыю Прэваларакі (Грэцыя) - 2:1, а ў схватцы за першае месца ва ўпартай барацьбе перамагла расіянку Наталлю Малышаву - 2:1. Узнагароджанне пераможцы праводзіў трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе з Беларусі Аляксандр Мядзведзь.
Для Ванэсы Каладзінскай залаты медаль чэмпіянату Еўропы не першая ўзнагарода вышэйшай вартасці ў кар'еры. У 2012-м яна стала чэмпіёнкай свету ў вагавой катэгорыі да 48 кг.